Шаленства. Прыняць або змагацца?

У Дзятлаўскім райЦГЭ прайшло чарговае пасяджэнне «круглага стала». Галоўнай тэмай стала шаленства.

Доктар-эпідэміёлаг Мікалай Дзядовіч расказаў прысутным пра прыкметы захворвання і даў рэкамендацыі, як паводзіць сябе пры кантакце з хворымі жывёламі.

Так, узбуджальнік шаленства – спецыфічны вірус, які змяшчаецца ў сліне хворай жывёлы. Захавальнікам віруса ў прыродзе з’яўляюцца дзікія драпежныя жывёлы (ваўкі, лісіцы, яноты). Ад дзікіх жывёл могуць заразіцца шаленствам хатнія жывёлы і людзі.

Характэрныя прыкметы захворвання жывёлы: слінацячэнне, агрэсіўнасць, параліч. Шаленства жывёл можа працякаць у буйнай і спакойнай форме. Пры спакойнай форме шаленства стадыі ўзбуджэння зусім не бывае ці яна слаба выяўленая. Смерць звычайна наступае пры паралічы на 2-3 дзень захворвання.

Заражэнне адбываецца праз укус, драпанне або сліну шалёнай жывёлы. Заразіцца можна і пры разделцы туш хворых дзікіх жывёл, забітых у час палявання. Найбольш небяспечныя бадзяжныя сабакі і каты.

У выпадку ўкусу жывёлы трэба адразу правесці першасную апрацоўку раны – старанна прамыць яе на працягу не менш чым 15 хвілін струменем вады з мылам; апрацаваць краі раны 5% настойкай ёду; накласці стэрыльную павязку і хутка звярнуцца ў медыцынскую ўстанову.

Асноўным сродкам барацьбы з шаленствам сярод людзей з’яўляецца вакцынацыя, неабходнасць прызначэння якой вызначаецца доктарам. Поспех прышчэпак залежыць ад іх своечасовасці.

Свае пытанні доктару-эпідэміёлагу задалі ўдзельнікі «круглага стала»: загадчыца аддзялення Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк; намеснік начальніка упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Алена Навічэнкава; метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Пазняк; загадчыца аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец.

Таксама размову пра шаленства падтрымаў ветэрынар Дзятлаўскай раённай ветстанцыі Станіслаў Вайчэцкі. Ён адзначыў, што адразу жывёлу, у якой ёсць прызнакі шаленства, забіваць нельга: трэба паназіраць за ёй 10 дзён і дакладна ўпэўніцца ў стане здароўя жывёлы.Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі мерапрыемства абмеркавалі яшчэ адну сур’ёзную праблему — туберкулёз. Намеснік галоўнага доктара Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы «Наваельня» Віктар Сямашка расказаў, што ў Дзятлаўскім раёне ў мінулым годзе былі выяўлены 9 хворых на туберкулёз, у 2016 іх было 22. Ужо ў бягучым годзе ў раёне на туберкулёз захварэлі 4 чалавекі: 3 з Дзятлава і 1 з Казлоўшчыны.Па словах Віктара Сямашкі, у краіне 2 гады таму з’явіліся новыя лекавыя сродкі, якія дапамагаюць вылечыцца ад нядуга.

Юлія БАКУНОВІЧ