Права на здароўе

Чырвоная стужка – сімвал барацьбы са СНІДам і міжнароднай салідарнасці ў барацьбе з эпідэміяй, сімвал падтрымкі, спачування і надзеі на будучыню.

Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам ужо традыцыйным стала правядзенне тэматычных сацыяльна значных мерапрыемстваў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна.

30 лістапада ў рамках Сусветнай кампаніі барацьбы супраць СНІДу на базе Гезгалаўскага дома культуры прайшла інфармацыйна-асветніцкая акцыя пад дэвізам “Права на здароўе”. На сустрэчу былі запрошаны навучэнцы і педагогі агульнаадукацыйнай установы, вядучыя спецыялісты.

Акцыя накіравана на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы хворых СНІДам, носьбітаў ВІЧ-інфекцыі і да распаўсюджвання гэтага захворвання ў свеце. Арганізатары лічаць неабходным скіраваць увагу моладзі да існуючай пагрозы, павысіць узровень інфармаванасці маладых людзей па пытаннях ВІЧ-інфекцыі і заклікаюць да бяспечных і адказных паводзінаў.

Праграму, якая ўключала музычныя выступленні агітбрыгады “Разам – супраць СНІДу”, конкурс малюнкаў і плакатаў “Бяспека – СНІД”, падрыхтавалі навучэнцы і педагогі Гезгалаўскай сярэдняй школы сумесна з Гезгалаўскім домам культуры. Акрамя гэтага, мерапрыемства ўключала і стасункі са спецыялістамі раённага цэнтра. Сваімі прафесійнымі ведамі, меркаваннямі і парадамі па захаванні здароўя з маладымі людзьмі падзяліліся доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпітэміялогіі Мікалай Дзядовіч, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, першы сакратар раённай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Кацярына Хілімончык.

Са зваротам да моладзі звярнуўся святар Нагародавіцкага Храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы.

Дзякуючы актыўнай папярэдняй рабоце навучэнцаў мясцовай установы адукацыі, класных кіраўнікоў, настаўнікаў АБЖ, усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі чырвоныя стужкі і буклеты адпаведнай тэматыкі.

У рамках акцыі былі разгорнуты інфармацыйныя стэнды, падрыхтаваны тэматычныя выставы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі.

У час гэтай сустрэчы, навучэнцы паглядзелі дакументальны фільм, абмяняліся меркаваннямі аб тым, як засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад ВІЧ-інфекцыі, аб шляхах перадачы віруса, метадах абследавання, аб магчымасцях прадухілення і прафілактыкі распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі.

Напрыканцы сустрэчы былі падведзены вынікі конкурсу малюнкаў і плакатаў. Першае месца атрымаў калектыўны малюнак “Мы – за жыццё” навучэнцаў 7 класа. Узнагароду ўручыў Мікалай Дзядовіч.

На другім месцы, па меркаванні журы, стаў малюнак навучэнкі 6 класа Анастасіі Жэгала пад назвай “Будзь асцярожны”. Падарунак Анастасія атрымала ад першага сакратара раённага камітэта ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Кацярыны Хілімончык. Трэцяе месца атрымаў малюнак навучэнкі 4 класа Паліны Кастусік “СНІДу – не, жыццю –так”. Падарунак уручыла старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк. Акрамя таго, Галіна Эдвардаўна адзначыла яскравае выступленне агітбрыгады “Разам – супраць СНІДу” і ўручыла салодкія і памятныя падарункі. Прыз сімпатыі журы атрымаў Багдан Маліноўскі.

Напрыканцы сустрэчы навучэнцы Гезгалаўскай сярэдняй школы падзяліліся ўражаннямі і адзначылі:

– Мы зразумелі і ўсвядомілі, якая страшная эпідэмія распаўсюджваецца па свеце, падвяргаючы небяспецы вялікую колькасць людзей.

Сёння мы звяртаемся да сваіх аднагодкаў з надзеяй і перасцярогай: ведайце, адзіны шлях берагчы сябе, сваіх сяброў, родных ад страшнай хваробы – гэта здаровы лад жыцця. Добрымі памочнікамі на правільным шляху з’яўляецца спорт, добрыя і верныя сябры.