Межведомственный проект «Через активность к долголетию»

Два складальнікі здароўя

“Мы здароўю скажам: “Так!”

Рэйд-акцыя пад такой назвай у рамках інфармацыйна-пазнавальнага праекта “Праз актыўнасць да даўгалецця” прайшоў для жыхароў вёсак Скіпоравічы, Сверплевічы, Малдавічы.

Яго правялі артысты творчага калектыву сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і інструктар-валеолаг райЦГЭ Наталля Юрэня, якія выехалі па маршруце разам з аўталаўкай Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

Наталля Юрэня расказала вяскоўцам аб прафілактыцы інфекцыйных і неінфекцыйных захворванняў, важнасці падтрымання здаровага ладу жыцця, як у пажылым узросце арыентавацца на актыўную жыццёвую пазіцыю, адказала на пытанні.

Усе жыхары, якія далучыліся да рэйда-акцыі, атрымалі буклеты “Азбука здароўя” і “Рэгіянальны аглядальнік”. У сваю чаргу артысты сектара парадавалі іх вясёлымі песнямі пад гармонік.

Ганна ХАРЛІНСКАЯ

Каралева Бяспекі падкажа

На Дзятлаўшчыне стартаваў інфармацыйна-пазнавальны праект “Праз актыўнасць да даўгалецця”.

Яго рэалізуе калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам са спецыялістамі службаў прафілактыкі.

Першая сустрэча ў рамках праекта ў фармаце інтэрактыўна-пазнавальнай праграмы “Азбука бяспекі” адбылася з удзельнікамі аб’яднання “Крыніца натхнення”, якое працуе на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” ЦСАН Дзятлаўскага раёна. Пагутарыць аб правілах паводзінаў у быце, карысным харчаванні і здаровым ладзе жыцця асаблівых людзей заклікалі Каралева Бяспекі (Ганна Харлінская) і яе памочнік Святлафор (Марына Варган).

Спачатку паразважалі на тэму, як захаваць здароўе, затым са старшым інспектарам Дзятлаўскага РАНС Сяргеем Цвірко адказалі на пытанні віктарыны “З агнём жартаваць нельга”. Наступным выпрабаваннем стала інтэлектуальная гульня “Дарожная азбука” ад Святлафора. Інструктар-валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ Наталля Юрэня расказала аб правільным харчаванні, атрыманыя ад яе веды замацавалі праз гульню “Карысныя і шкодныя прадукты”.

Напрыканцы ўдзельнікі сустрэчы ўпрыгожылі сцікерамі-сімваламі дрэва бяспекі і паразважалі, чаму важна прытрымлівацца здаровага ладу жыцця.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Узгадалі правілы бяспекі 03.02.2023

Вёскі Гірычы, Міроўшчына, Белякі, Явар разам з аўталаўкай Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства наведалі спецыялісты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Разам са спецыялістамі службаў прафілактыкі – старшым інжынерам РАНС Дзмітрыем Лянцэвічам, інспектарам-валеолагам райЦГЭ Наталляй Юрэня, а таксама старшынёй Вензавецкага сельвыканкама Алегам Шымко яны правялі для вяскоўцаў інфармацыйна-пазнавальную праграму “Дзесяць правілаў бяспекі” у рамках праекта “Праз актыўнасць да даўгалецця”.

Пажылыя людзі – гэта група насельніцтва, бяспека якой найбольш падвержана рызыцы. З-за пагаршэння фізічных і кагнітыўных здольнасцяў, эмацыянальнага стану, яны губляюць пільнасць і могуць стаць ахвярай пажару, махляроў, не задумвацца аб правільным харчаванні, таму парады спецыялістаў былі дарэчы. Вяскоўцы атрымалі карысную інфармацыю, узгадалі, як неабходна клапаціцца пра ўласную бяспеку, задалі хвалюючыя пытанні, атрымалі буклеты і памяткі. Напрыканцы артысты сектара парадавалі іх вясёлымі песнямі.

Ганна ХАРЛІНСКАЯ,
загадчыца сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва