У рамках міжведамаснай інфармацыйнай акцыі “Наркотыкі. Адказнасць. Наступствы”, мэта якой – тлумачэнне непаўналетнім і іх бацькам прававых і медыцынскіх наступстваў незаконнага абароту псіхатропных рэчываў і іх аналагаў, у сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава прайшла аднайменная дыялогавая пляцоўка.
На форуме дзеці, педагогі і спецыялісты адказных службаў раёна абмеркавалі шырокае кола праблем, звязаных з уцягненнемнепаўналетніх у незаконны збыт наркотыкаў і дрэнныя звычкі.
У якасці экспертаў на сустрэчы выступілі начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч, намеснік старшыні камісіі па правах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан, метадыст Дзятлаўскага раённага метадычнага кабінета Наталля Пазняк, валеолагі Дзятлаўскага райЦГЭ Наталля Юрэня і цэнтральнай раённай бальніцы Марына Бялуга.
Задала тон размове і павітала гасцей дырэктар школы Марына Нячай, яна падкрэсліла, што на абмеркаванне вынесены сапраўды актуальныя тэмы.
Наталля Пазняк расказала, што падобныя сустрэчы нагадваюць навучэнцам аб неабходнасці весці здаровы лад жыцця і папярэджваюць аб памылках, якіх лепш не рабіць ніколі.
Вопытам работы па барацьбе з дрэннымі звычкамі, прафілактыцы залежнасцяў, папулярызацыі здаровага ладу жыцця падзяліўся школьны антынаркатычны атрад “Надзея”. Цікава, у творчай форме яго ўдзельнікі расказалі, чаму здароўе – гэта модна і як залежнасці і дрэнныя звычкі могуць скрасці свабоду чалавека. Для большай нагляднасці вучні падрыхтавалі кароткую відэасправаздачу аб сваёй дзейнасці.
Кола праблемных пытанняў па барацьбе з наркаманіяй і абаротам псіхатропаў акрэсліў Віктар Петрукевіч і таксама, перш чым уключыцца ў абмеркаванне, прапанаваў вучням прагледзець відэаролік-споведзь тых, хто трапіў за краты па “наркатычных” артыкулах. Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх нагадаў прысутным, што беларускім заканадаўствам прадугледжана самая сур’ёзная адказнасць за падобныя злачынствы – да 25 гадоў пазбаўлення волі, прычым надыходзіць яна ўжо з 14-гадовага ўзросту, а таму падлеткам трэба ведаць, якім чынам наркадылеры імкнуцца ўцягнуць моладзь у супрацьзаконную дзейнасць, чаму абяцаюць вялікія грошы і чым звычайна заканчваецца падобнае “супрацоўніцтва”. На жаль, як зазначыў Віктар Віктаравіч, і для нашай краіны ўласціва праблема наркаманіі, прычым апошнім часам нарказалежным прапануюцца пераважна сінтэтычныя рэчывы, пры ўжыванні якіх вельмі вялікая доля смяротнасці і страты здароўя.
– Лёгкія грошы – гэта вялікі падман, і ці варта дзеля гэтага ставіць на кон лепшыя гады свайго жыцця? – звярнуўся да школьнікаў праваахоўнік.
Непаўналетнія задалі гасцям свае пытанні, закранулі і іншыя тэмы, якія тычацца парушэнняў заканадаўства і дрэнных звычак. Даведаліся, што такое “індывідуальная прафілактычная работа”, “комплексна-рэабілітацыйная праграма”, з кім і за што яны вядуцца, як уплываюць на далейшы лёс чалавека і выбар прафесіі.
Сваю кампетэнтную пазіцыю па тэме выказалі медыкі. Яны патлумачылі, якімі могуць быць наступствы ад ужывання наркотыкаў, тытуню, электронных цыгарэтаў і папулярных у моладзі энергетычных напояў, нагадалі, што Дзятлава далучылася да праграмы “здаровых гарадоў”, пажадалі дзецям і дарослым больш часу праводзіць за карыснымі заняткамі.
Напрыканцы непаўналетнія і эксперты прыйшлі да высновы, што наркатычная і іншыя залежнасці – гэта праблемы сацыяльныя: пакуль адны губляюць здароўе і свабоду, другія набіваюць свае кашалькі. Ці патрэбен каму-небудзь такі выбар?