Ад “інфармацыйнай гігіены” да прафілактыкі захворванняў

15 снежня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сустрэлася з калектывам Дзятлаўскага раёна электрасетак РУП “Гроднаэнерга”. Абласная група пад кіраўніцтвам начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрыя Разянкова – з калектывам ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”. Былі абмеркаваны чатыры пытанні.

Найперш звярнуліся да асноўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне інфармацыйнай бяспекі. Было адзначана, што адбываецца імклівая віртуалізацыя палітычнай прасторы, актыўна выкарыстоўваюцца метады маніпуляцыі грамадскай свядомасцю, практыка мэтанакіраванага інфармацыйнага ціску, які наносіць адчувальную шкоду нацыянальным інтарэсам. Саперніцтва, барацьба за інфармацыйныя перавагі займаюць ключавое месца ў сусветнай канкурэнцыі. Важнейшай сілай, якая служыць для пераразмеркавання эканамічных, сацыяльных, палітычных рэсурсаў, становіцца інфармацыйная перавага. Для сучасных канфліктаў характэрна спалучэнне традыцыйных метадаў узброенага супрацьборства і стратэгіі камбінаванага ўплыву. Сярод распаўсюджаных метадаў гібрыднай вайны – масіраванае інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне. Праз інфармацыйную прастору фактычна адбываецца ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы дзяржавы, размыванне нацыянальнага менталітэту, дыскрэдытацыя ўлады, фарміраванне пратэстнай актыўнасці. Як вынік – зніжэнне тэмпаў развіцця і разбурэнне дзяржаваў, распальванне буйнамаштабных канфліктаў паміж краінамі, этнасамі, канфесіямі. Адзін з “інструментаў” дэстабілізацыі – гэта так званыя “войны памяці”, калі адбываецца скажэнне гістарычнай праўды і фальсіфікацыя гісторыі.

У нашай краіне праваадносіны ў сферы рэгулюе Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Яшчэ адным крокам па абароне нацыянальнай інфармацыйнай прасторы стаў Закон “Аб змяненні законаў па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі”, скіраваны на інтэрнэт-прастору, які дазваляе аператыўна рэагаваць на лжывыя “ўкіды”. Ва ўмовах нарастаючага інфармацыйнага ціску на Беларусь прыярытэтнай задачай для рэдакцый дзяржаўных СМІ стала стварэнне якаснага і аргументаванага контрпрапагандысцкага кантэнту.

Разам з тым, варта памятаць і пра асабістую лічбавую бяспеку грамадзян. Спосабы ўчынення кіберзлачынстваў пастаянна мяняюцца і развіваюцца. Як правіла, учыняюцца яны з-за мяжы, таму знайсці і пакараць злачынцаў цяжка. Сярод распаўсюджаных “схем”: тэлефонныя махлярствы, звязаныя з авалоданнем рэквізітамі банкаўскіх картак; пабуджэнне ўзяць крэдыт; падмена інтэрнэт-старонак і спасылкі на лжывыя сайты; крадзеж гульнявых акаўнтаў; падманная інфармацыя аб рэкламных акцыях; крадзеж банкаўскіх картак; просьбы ўнесці перадаплату. Каб не стаць ахвярай, нельга перадаваць іншым асобам рэквізіты банкаўскіх картак, свой мабільны тэлефон або ўстанаўліваць на яго праграмы аддаленага доступу. Варта памятаць, што супрацоўнікі банка не звязваюцца па месенджарах, а каб вырашыць пытанні з фінансамі, найлепш асабіста прыйсці ў банк.

Не менш актуальнай у зімовы перыяд была размова аб правілах бяспекі ў навагоднія і калядныя святы і паводзінах на лёдзе, тым больш што з 12 па 30 снежня праходзіць рэспубліканская акцыя МНС “Бяспечны Новы год”. Нагадалі, што піратэхніку трэба набываць толькі ў спецыялізаваных магазінах, якія маюць сертыфікаты на такі тавар, захоўваць – у сухіх памяшканнях далей ад гарачых прыбораў, выкарыстоўваць строга па інструкцыі на адлегласці не менш за 50 метраў ад будынкаў і транспарту. Ёлку трэба ставіць на ўстойлівую падстаўку далей ад ацяплення, не трымаць доўга ўключанымі агеньчыкі, а гірлянду выбіраць надзейную. Звярнуліся і да катання на цюбінгах, якое можна ладзіць толькі ў строга адведзеным для гэтага месцы, перад спускам упэўніцца ў адсутнасці на шляху людзей, не рабіць з цюбінгаў “цягнічкі” і не спускацца на адной “ватрушцы” ўдваіх. Небяспеку зімой тояць і вадаёмы: надзейны лёд звычайна блакітна-зялёнага колеру, а буры павінен насцярожыць. Рыбакам параілі браць на зімовую рыбалку сродкі ратавання (дошку, вяроўку з грузам), дзяцей без нагляду дарослых на замерзлыя вадаёмы не пускаць.

Ад бяспекі ў быце перайшлі да здароўя, у тым ліку прафілактыкі грыпу, ВРВІ, COVID-19. Патлумачылі, чаму прышчэпкі па-ранейшаму застаюцца самым надзейным сродкам абароны і чаму вакцынавацца лепш да пачатку эпідэмічнага пад’ёму, расказалі аб іншых спосабах умацавання імунітэту, пагутарылі аб раннім выяўленні анкалагічных захворванняў, важнасці скрынінгаў. Звярнуліся да праблемы барацьбы са СНІДам, падкрэслілі, што ў нашай краіне створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Прайсці яго, у тым ліку ананімнае, можна ў любой установе аховы здароўя, дзе ёсць працэдурны кабінет.

Андрэй Садоўскі вылучыў момант і напярэдадні Дня энергетыка падзякаваў калектыву электрасетак за зладжаную работу, прафесіяналізм, дакладна пабудаваную сістэму электразабеспячэння, хуткае вырашэнне няштатных сітуацый, пажадаў работнікам здароўя, удачы, цярпення, дабрабыту.

Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК, Вольгі ЮШКЕВІЧ