Усё па парадку

Рабочая група па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў у саставе прадстаўнікоў райвыканкама, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі разам з карэспандэнтам раённай газеты 2 сакавіка выйшла на праверку санітарнага стану тэрыторый аб’ектаў, кантэйнерных пляцовак паркавай зоны і плошчы 17 Верасня горада Дзятлава.

“Чысты чацвер” завяршыўся прадпісаннем на адрас РУП ЖКГ па выяўленых парушэннях правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, а таксама заканадаўства ў сферы санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва. Заўвагі прагучалі наконт парушанай цэласнасці і перапоўненых скрыняў, устаноўленых на плошчы 17 Верасня, смецця і акуркаў вакол іх, такой жа сітуацыі ў паркавай зоне і на ўваходзе ў будынак камбіната бытавога абслугоўвання; наяўнасці бытавога смецця, папер, бутэлек на беразе ракі насупраць міні-рынку; складавання сухога лісця ў парку; разбураных прыступак на плошчы; кантэйнера за будынкам КБА, які патрабуе афарбоўкі.

Камунальнікі прывядуць у належны санітарны стан вызначаныя аб’екты. А грамадзяне? Яны часта абураюцца працай камунальных службаў, пры гэтым самі спакойна могуць выкінуць фанцік ад цукеркі ці змятую ўпакоўку міма смеццевага кантэйнера або ўвогуле не данесці да яго. З такой пазіцыяй грамадзян і яе вынікам нават атрад дворнікаў з вышэйшай смеццевай адукацыяй не справіцца. Ніхто не скідвае з рахункаў гарадскіх праблем, але і самім трэба паводзіць сябе такім чынам, каб не пладзіць тое самае смецце, якое так псуе вуліцы горада.

А яшчэ ў мэтах арганізацыі добраўпарадкавання тэрыторый, паляпшэння эстэтычнага, санітарнага і экалагічнага аблічча на Дзятлаўшчыне рэгулярна праводзяцца суботнікі – першы, вясновы, дарэчы, “не за гарамі” – і ў іх можа прыняць удзел кожны, каб зрабіць свой населены пункт лепшым, чысцейшым і прыгажэйшым.

Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ