15 чэрвеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.
Працавала некалькі груп, у тым ліку старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, намеснікаў старшыні райвыканкама, абласная – на чале з генеральным дырэктарам Дзяржаўнага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскай вобласці Сяргеем Пятровічам.
Разгледзелі тэму, якая нядаўна ўключана ў праект Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі – гэта экалагічная і біялагічная бяспека Рэспублікі Беларусь, нацыянальныя інтарэсы, пагрозы, ацэнка стану і кірункі забеспячэння. Апошнім часам экалагічныя праблемы абвастрыліся з-за росту антрапагеннай нагрузкі на навакольнае асяроддзе і развіцця прамысловасці. Асноўныя крыніцы ўздзеянняў звязаны з энергетыкай, хімічнай прамысловасцю, транспартам, нафтахіміяй, жыллёвай і інтэнсіўнай сельскай гаспадаркамі, высечкай лясоў. Сусветная метэаралагічная арганізацыя сцвярджае, што праз некалькі гадоў чалавецтва сутыкнецца з яшчэ большым пацяпленнем атмасферы. Разам з тым з-за санкцый і гібрыднай вайны супраць Расіі і Беларусі многія краіны, каб паменшыць залежнасць ад экспарту расійскіх вуглевадародаў, нарасцілі пастаўкі энергарэсурсаў з іншых крыніц, аднавілі работу старых электрастанцый, чым прыпынілі выкананне абавязацельстваў па пераходзе да чыстай энергетыкі. Рост насельніцтва і збядненне прыродных рэсурсаў – яшчэ адна сур’ёзная пагроза: у многіх рэгіёнах планеты ўжо назіраецца недахоп пітной вады, дэфіцыт харчавання, новыя або паўторныя інфекцыйныя захворванні. Тым часам Вашынгтон у ваенных мэтах імкнецца атрымаць больш новых відаў біялагічных паражаючых агентаў з загадзя вядомымі ўласцівасцямі. Сетка падкантрольных ЗША даследчых біялагічных цэнтраў на постсавецкай прасторы па сутнасці інструмент для рэалізацыі ваенна-біялагічных праграм. Прагрэс біялагічнай навукі і бескантрольнае практычнае выкарыстанне яе дасягненняў па стварэнні генетычна мадыфікаваных арганізмаў уяўляюць не меншую пагрозу, як і старажытныя мікраарганізмы, што вызваляюцца ў выніку раставання льдоў. Таму да нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў экалагічнай сферы аднесены: захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя; пераадоленне негатыўных наступстваў радыяактыўнага забруджвання і рэабілітацыя тэрыторый; экалагічна арыентаванае сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржавы; рацыянальнае выкарыстанне прыроднага патэнцыялу і захаванне біялагічнай разнастайнасці; адаптацыя да змены клімату. Нашай дзяржавай вызначаны сучасныя падыходы да падтрымання чысціні атмасфернага паветра, выкарыстання зямельных і водных рэсурсаў, вядзення лясной гаспадаркі, здабычы карысных выкапняў, выкарыстання адходаў вытворчасці.
У сувязі з новымі выклікамі і пагрозамі пытанні забеспячэння экалагічнай і біялагічнай бяспекі знайшлі сваё адлюстраванне ў праекце абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, і, як адзначыў наш Прэзідэнт, “адаптацыя Канцэпцыі пад сучасныя рэаліі – цалкам лагічны і даволі своечасовы крок” .
У рамках Дня інфармавання насельніцтва пагутарылі і аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і тэрарызму, рэабілітацыі нацызму, а таксама адказнасці за рэгістрацыю на інтэрнэт-рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у глабальнай сетцы інтэрнэт. Для большай нагляднасці адбыўся паказ тэматычных відэастужак. Звярнуліся і да пытанняў асабістай бяспекі і здароўя грамадзян: патлумачылі негатыўныя наступствы тытунекурэння, ужывання алкагольных напояў і наркатычных рэчываў, нагадалі патрабаванні бяспекі ў летні перыяд, анансавалі акцыю МНС “Канікулы без дыму і агню”.