Дзятлава VS Круцілавічы: на старце толькі дзяўчаты

Напярэдадні жаночага свята ў Круцілавіцкай сярэдняй школе прайшла таварыская спартландыя сярод здаровых гарадоў і пасёлкаў Дзятлаўскага раёна.

Удзел у стартах прынялі чатыры жаночыя каманды: зборныя раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, навучэнак і педагогаў Круцілавіцкай сярэдняй школы, ААТ “ГранітАгра”.

– Турнір прайшоў у межах папулярызацыі праекта “Здаровыя гарады”, – адзначыла галоўны доктар цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Шайбак. – Мерапрыемства стала добрай нагодай далучыцца да спорту, руху за здаровы лад жыцця, а таксама павіншаваць мілых дзяўчат, жанчын з надыходзячым святам 8 Сакавіка.

Гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства павітаў гаспадар пляцоўкі – дырэктар Круцілавіцкай сярэдняй школы Сяргей Гузоўскі.

– Спартыўныя спаборніцтвы да Міжнароднага жаночага дня на базе нашай школы ўжо сталі добрай традыцыяй, – адзначыў Сяргей Аркадзевіч. – Рады, што з кожным годам становіцца ўсё больш аматараў спорту і здаровага ладу жыцця.

У час спартыўна-забаўляльнай праграмы, падрыхтаванай Данілавіцкім домам культуры, спартсменкам патрэбна было праявіць не толькі хуткасць, спрыт, вынослівасць, камандны дух і тактычную хітрасць, але і творчасць, стойкасць, гумар. Па выніках усіх этапаў пераможцамі сталі навучэнкі школы, на другой пазіцыі – прадстаўніцы райЦГЭ, трэцяе месца ў гранітаўцаў.

 Аляксандра Лісоўская, навучэнка Круцілавіцкай сярэдняй школы, капітан каманды:

– З радасцю паўдзельнічала ў спаборніцтвах, у нашай камандзе амаль усе вучаніцы 7 класа і дзве дзесяцікласніцы. Усё прайшло вельмі весела і дружна, асабліва ў тым конкурсе, дзе трэба было стварыць жартоўны вобраз Вясны. Яго вельмі цікава прадставілі настаўнікі, мы рады за іх. Усёй нашай камандзе блізкая спартыўная тэма, таму мы найлепш паказалі сябе на гэтых этапах. Наша школа заўсёды выступае за здаровы лад жыцця, мы ахвотна прымаем удзел у спартыўных сустрэчах.

Марыя Шымчык, памочнік доктара-гігіеніста Дзятлаўскага райЦГЭ:

– У спартландыі ўдзельнічаю ўпершыню, незвычайна цікавы вопыт. Пабегалі разам з маладым пакаленнем – і самі адчулі сябе бадзёрымі і энергічнымі, больш упэўненымі. Мне, як чалавеку творчаму, больш за ўсё спадабаўся конкурс з вобразам Вясны, тым больш што я сама была мадэллю. Нягледзячы на тое, што накал барацьбы быў не жартоўны, ніхто не прайграў: усе атрымалі мора станоўчых эмоцый і прыемныя прызы. Лічу, што падобныя спартыўныя мерапрыемствы з удзелам дзяцей і дарослых у падтрымку праекта “Здаровыя гарады” павінны стаць рэгулярнымі і разнастайнымі.

Наталля АВЯРЧУК